Заява Офіса па адукацыі ў сувязі з поўнамаштабным ваенным уварваннем Расіі на тэрыторыю Украіны

Заява Офіса па адукацыі ў сувязі з поўнамаштабным ваенным уварваннем Расіі на тэрыторыю Украіны

24 лютага Расія пачала ваеннае ўварванне ва Украіну. Для гэтага ў тым ліку выкарыстоўваецца тэрыторыя Беларусі. Колькасць забітых перавысіла 1000 чалавек, сотні тысяч чалавек аказаліся бежанцамі. Украінцы і ўкраінкі самааддана абараняюць сваю краіну і саміх сябе.

Вайне і агрэсарам трэба казаць не. Тым больш, калі вайна адбываецца і ўнутры нашай краіны, дзе на сённяшні дзень налічваецца больш за 1000 палітычных зняволеных і не спыняюцца ператрусы, выкраданні, катаванні людзей. З малых гадоў у Беларусі мы чуем, што беларусы — мірныя людзі. Так давайце шукаць спосаб і час дзейнічаць у імя міру і казаць аб каштоўнасці міру, аб тым, што вайна з’яўляецца злом і ёй, а таксама тым, хто яе развязвае, няма апраўдання. Няма апраўдання агрэсіі адной дзяржавы ў адносінах да іншай, як і адных людзей у адносінах да іншых. І заўжды ёсць месца салідарнасці і ўзаемнай падтрымцы ў сітуацыі, калі трэба аказваць адпор гвалту.

Мы звяртаемся да беларускіх настаўнікаў і выкладчыкаў і просім не заставацца абыякавымі ў гэтай сітуацыі. Цяпер самы час быць маральным компасам для новага пакаленьня беларусаў; сказаць простыя словы: «Вайна — гэта зло», і растлумачыць на гістарычных прыкладах, як гэта ўвесь час робіцца перад 9 траўня. 2020 год паказаў, што мы можам быць салідарнымі і разам супрацьстаяць гвалту і агрэсіі.